Этнаграфічны тыдзень «Бабульчын куфэрак»

06.03.2022
Традыцыйны этнаграфічны тыдзень "Бабульчын куфэрак" гасцінна сустракаў навучэнцаў ДУА "Дубраўская сярэдняя школа" з 28 лютага па 5 сакавіка 2022 года. У фае другога паверха для школьнікаў была арганізавана выстава са мноствам завочных віктарын (“Самы кемлівы”, “Народныя загадкі”, “Складзі пашпарт этнаграфічнага прадмета”, “Міфічныя істоты”, “Просім у хату, госцейкі нашы!”, “Тэматычныя задачы-галаваломкі”, “Смачна есці”) і незвычайная фотазона “Масленіца”. Кожны клас бліжэй пазнаёміўся з жыццём нашых продкаў і паўдзельнічаў у выставе малюнкаў "Хата беларуса".

План правядзення этнаграфічнага тыдня

«Бабульчын куфэрак» (28.02-05.03.2022) 

№ п/п

Дата

Назва мерапрыемства

Клас

Месца правядзення

Адказны

1

28.02

Экскурсія ў музейны куток «Бабульчына хатка». «Жыллё беларуса»

1-3

Музейны куток «Беларуская хатка»

Грыгор’ева М.Ф.

2

03.03

Гульня-конкурс «Пагуляем у роднае слова»

5

Кабінет нямецкай мовы

Грыгор’ева М.Ф.

3

28.02

Конкурсна-пазнавальнае мерапрыемства «Як ты дарага мне, мая родная мова»

6

Кабінет беларускай мовы

Грыгор’ева М.Ф.

4

28.02-05.03

Завочныя віктарыны «Самы кемлівы», «Народныя загадкі», «Складзі пашпарт этнаграфічнага прадмета»

1-11

Фае 2-га паверха

Грыгор’ева М.Ф.

5

28.02-05.03

Завочная віктарына «Просім у хату, госцейкі нашы!»

5-11

Фае 2-га паверха

Грыгор’ева М.Ф.

6

28.02-05.03

Завочныя віктарыны «Міфічныя істоты», «Тэматычныя задачы-галаваломкі»

1-11

Фае 2-га паверха

Грыгор’ева М.Ф.

7

28.02-05.03

Стварэнне этнаграфічнай міні-энцыклапедыі «Апранайся па-беларуску»

10

Фае 2-га паверха

Грыгор’ева М.Ф.

8

28.02

Інтэрактыўная гульня «Мы - беларусы».

7

Кабінет беларускай мовы

Грыгор’ева М.Ф.

9

02.03

Краязнаўча-літаратурная гульня «Павуціна»

9-11

Кабінет беларускай мовы

Грыгор’ева М.Ф.

10

28.02

Інтэрактыўная гульня «Мая Беларусь».

8

Кабінет беларускай мовы

Грыгор’ева М.Ф.

11

05.03

Народнае свята «А ў нас сёння  Масленіца»

1-11

Прышкольная пляцоўка

Грыгор’ева М.Ф.

12

28.02

Інфармацыйная гадзіна. Гістарычны альманах «Нам яшчэ толькі  30!»

4-11

Класы-кабіны

Класныя кіраўнікі

 

Этнаграфічны тыдзень, традыцыйна, пачаўся з экскурсіі ў музейны куток “Бабульчына хатка”, падчас якой дзеці мелі магчымасць дакрануцца да рэчаў хатняга абіходу і прылад працы старажытнага беларуса. У гэты ж дзень навучэнцы 6 класа падзяліліся на дзве каманды і сталі ўдзельнікамі конкурсна-пазнавальнага мерапрыемства “Як ты дарага мне, мая родная мова!”. Вучні адказвалі на пытанні, разгадвалі галаваломкі, чыталі вершы на памяць. Балельшчыкі таксама не засталіся ўбаку - яны чыталі вершы аб роднай мове на памяць і заробленыя балы аддавалі той камандзе, якая ім больш падабалася. Мерапрыемства атрымалася вельмі пазнавальным і эмацыйным. А для вучняў 8 класа прайшла інтэрактыўная гульня “Мая Беларусь”. Дзеці ўзнавілі ў памяці старажытныя міфы, народныя святы і звычаі, імёны з мінулага, назвы беларускіх народных інструментаў… На гульнявым полі школьнікаў чакалі не толькі балы за правільныя адказы, але і разнастайныя нечаканасці: пераход ходу, згаранне набраных ачкоў, пропуск ходу, зоркі. У час гульні эмоцыі ўсіх удзельнікаў былі на мяжы. Упэўненую перамогу атрымала каманда "Беларусачкі".

Навучэнцы 7 класа сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнай гульні "Мы - беларусы", у якой упэўненую перамогу атрымала каманда "Беларусы".

Для 1-3 класаў была арганізавана экскурсія ў музейны куток “Бабульчына хатка”, падчас якой дзеці пазнаёміліся з побытам і ўмовамі жыцця нашых продкаў, а для 4-11 класаў – завочная экскурсія "Нам яшчэ толькі 30!", дзе разам з класнымі кіраўнікамі вучні даведаліся пра гісторыю стварэння нашай школы.

Вучні 5 класа сталі ўдзельнікамі гульні-конкурса “Пагуляем у роднае слова”. Дзеці разгадвалі загадкі, крыжаванкі і шарады, прадметы з таямнічай скрыні і шыфроўкі, тлумачылі фразеалагізмы, былі словаведамі і перакладчыкамі, узгадвалі старонкі мінулага і сучаснага. Упэўненую перамогу атрымала каманда "Беларусачкі". А вучні 9-11 класаў паўдзельнічалі ў краязнаўча-літаратурнай гульні “Павуціна”, якая паспрыяла пашырэнню ведаў школьнікаў пра родны край, развіццю вобразнага і лагічнага мыслення, выхаванню пачуцця любові да зямлі бацькоў - Беларусі. Дзецям патрэбна было даць адказы на пытанні па шасці тэмах. Аднак, на іх шляху да перамогі былі і перашкоды: павучок і кропелька вады, якія сведчылі пра пераход хода або “змыванне” раней набраных балаў. Перамагла каманда "Валошкі".

У апошні дзень тыдня вучні школы весела і цікава святкавалі Масленіцу. Святкаванне Масленічнага тыдня ніколі не абыходзіцца без моладзевых гулянак, песень і святочнага вогнішча. Так адбылося і ў нас.

Сырная сядміца – сем дзён перад Вялікім постам, у якія ладзілі гулянні, пяклі бліны, прыходзілі адзін да аднаго на вячоркі і ўвогуле весяліліся.

Падчас правядзення свята дзеці даведаліся, што Масленіца падзялялася на вузкую і шырокую – у першыя тры дні можна было займацца гаспадарчымі справамі, а вось з чацвярга па нядзелю дазвалялася толькі гуляць і весела бавіць час.

Народныя гулянні заўсёды суправаджаліся абрадавымі песнямі. З адпаведнымі спевамі праходзіў кожны дзень масленічнага тыдня. Але ж найбольш шырока моладзь і старыя спявалі менавіта у чацвер, бо ён і называўся адпаведна – Шырокі чацвер або Разгуляй.

Галоўнымі матывамі гэтых песень былі масленічныя жарты, гаспадарскі гумар і канешне ж развітанне з зімой і закліканне цёплай вясны. Ды галоўнейшым "персанажам" масленічных песень быў усё ж такі традыцыйны сімвал Масленіцы – блін – жоўты і круглы, нібыта сонейка. Бліны елі з маслам, мёдам, ікрой, рыбай, смятанай і ўсхвалялі смачны пачастунак у песнях.

Вось і на нашым свяце дзеці весела правялі час у гульнях, а пасля палілі пудзіла і частаваліся блінамі. 

Краязнаўства, як ніякая іншая дысцыпліна, выхоўвае ў школьнікаў дачыненне да гісторыі сваіх продкаў, прымушае задумацца аб мінулым і сучаснасці праз пошук, даследаванні, вывучэнне традыцый і звычаяў роднага краю, пазнанне сваіх каранёў, непарыўнай сувязі з папярэднімі пакаленнямі.

Вывучэнне этнаграфіі, веданне яе спрыяе развіццю патрыятычных пачуццяў, дае дадатковыя веды па гуманітарных прадметах, якія выкладаюцца ў школе, развівае ў школьнікаў навыкі працы з кнігай, прывучае да працы з музейнымі экспанатамі. 

Да сустрэчы ў наступным годзе!