21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2022
Шаноўныя беларусы! Віншуем усіх нас з Міжнародным днём роднай мовы! Беларускае слова жыве ў нашым сэрцы… Магутныя і пяшчотныя, шчырыя і дасціпныя беларускія словы…Родная мова павінна гучаць свабодна, узнёсла, упэўнена! «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай!», - казаў Францішак Багушэвіч. Сапраўды, не пакідайце! Беражыце нашае нацыянальнае хараство і багацце! Беражыце душу нашай нацыі!

Паслухайце, пачытайце, як вобразна, адкрыта і шчыра выказаўся пра родную мову адзін з лепшых беларускіх паэтаў Генадзь Бураўкін!

Я ведаю: Нядобрых моў няма,

У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла,

Якая песняроў ускаласіла

I мудра зберагла,

Каб не скасіла

Іх ні хлусня,

Ні слава,

Ні турма.

Я слаўлю мову,

Што яднання дар

Дала і акадэміку, і цеслю.

I ў думках нават я не перакрэслю

Чужую споведзь і чужую песню,

Якія зразумець мне лёс не даў.

Як самая дакладная з навук,

Нам мова праз стагоддзі захавала

Пах палыну

I тонкі звон металу,

Арліны клёкат,

Гулкі гул абвалу —

Усё, што пераліта ў кожны гук.

I правіла прыдумалі не мы,

Што там,

Дзе не шануюць роднай мовы,

Мялеюць рэкі,

Нішчацца дубровы,

Каля магілак пасвяцца каровы,

Народ там мёртвы,

А той край — нямы.

Быць у пустэльні не жадаю я.

I не хачу я мець сяброў бязмоўных,

Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных,

Малення поўных

I здзіўлення поўных,

Усіх пявучых

I усіх — галоўных.

I толькі так —

Як роўная між роўных —

Жыць можа мова родная мая…

У межах Міжнароднага дня роднай мовы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры нашай школы Грыгор’евай М.Ф.  былі праведзены наступныя мерапрыемствы:

  1. Акцыя пад лозунгам «Вялікі дар нашчадкам»праходзіла 21 лютага. Вучні 10 класа падрыхтавалі цудоўныя “букеты” з выказванняў славутых пісьменнікаў пра родную мову;
  2. Прайшла гульня-віктарына “Пяць зорак” “Слова пра Беларусь”. Удзельнікамі віктарыны сталі вучні 8 – 11 класаў. Выконваючы заданні гульні-віктарыны, школьнікі тлумачылі значэнні слоў, што адносяцца да безэквівалентнай лексікі мовы, выяўлялі зафіксаваныя ў фразеалагізмах сюжэты сусветнай літаратуры, утваралі найменні жыхароў беларускіх і замежных гарадоў, узгадвалі старонкі беларускай гісторыі. Перамагла каманда “Зорачкі”. На пачатку мерапрыемства былі ўручаны медалі пераможцамрэспубліканскага конкурса па беларускай мове «Буслік - 2022» (Маліноўскай Паліне, Ланец Кацярыне, Гучок Елізавеце).
  3. На перапынках вучні школы ўдзельнічалі ў бліц-віктарыне “Любі, шануй, ведай родную мову”, “Расшыфруй”, гучалі вершы пра родную мову беларускіх паэтаў, а таксама аўтарскія (Калевіч Н.М.). 
  4. Вучні 10 – 11 класаў аформілі выставу “Кнігі-юбіляры 2022” і падрыхтавалі альманах “Пісьменнікі-юбіляры.