Этнаграфічны тыдзень «Бабульчын куфэрак» гасцінна сустрэў школьнікаў

24.02.2024
Традыцыйны этнаграфічны тыдзень "Бабульчын куфэрак" гасцінна сустракаў навучэнцаў ДУА "Дубраўская сярэдняя школа" з 19 па 24 лютага 2024 года. У фае другога паверха для школьнікаў была арганізавана выстава са мноствам завочных віктарын (“Самы кемлівы”, “Народныя загадкі”, “Складзі пашпарт этнаграфічнага прадмета”, “Міфічныя істоты”, “Просім у хату, госцейкі нашы!”, “Тэматычныя задачы-галаваломкі”, “Цягнік ветлівых слоў”, “Смачна есці”). Кожны клас бліжэй пазнаёміўся з жыццём нашых продкаў і наведаў школьны музейны куток “Беларуская хатка”.

Этнаграфічны тыдзень, традыцыйна, пачаўся з экскурсіі ў музейны куток “Беларуская хатка”, падчас якой дзеці мелі магчымасць дакрануцца да рэчаў хатняга абіходу і прылад працы старажытнага беларуса. У гэты ж дзень навучэнцы 6 класа падзяліліся на дзве каманды і сталі ўдзельнікамі конкурсна-пазнавальнага мерапрыемства “Як ты дорага мне, мая родная мова!”. Вучні адказвалі на пытанні, разгадвалі галаваломкі, чыталі вершы на памяць. Балельшчыкі таксама не засталіся ўбаку - яны чыталі вершы аб роднай мове на памяць і заробленыя балы аддавалі той камандзе, якая ім больш падабалася. Мерапрыемства атрымалася вельмі пазнавальным і эмацыйным. А для вучняў 8 класа прайшла інтэрактыўная гульня “Мая Беларусь”. Дзеці ўзнавілі ў памяці старажытныя міфы, народныя святы і звычаі, імёны з мінулага, назвы беларускіх народных інструментаў… На гульнявым полі школьнікаў чакалі не толькі балы за правільныя адказы, але і разнастайныя нечаканасці: пераход ходу, згаранне набраных ачкоў, пропуск ходу, зоркі. У час гульні эмоцыі ўсіх удзельнікаў былі на мяжы. Упэўненую перамогу атрымала каманда "Беларусачкі". Для 3-11 класаў быў арганізаваны прагляд відэа “Хрэсьбіны”, падчас якога дзеці пазнаёміліся з самым яркім абрадам нашых продкаў. Вучні 5 класа сталі ўдзельнікамі гульні-конкурса “Пагуляем у роднае слова”. Дзеці разгадвалі загадкі, крыжаванкі і шарады, прадметы з таямнічай скрыні і шыфроўкі, тлумачылі фразеалагізмы, былі словаведамі і перакладчыкамі, узгадвалі старонкі мінулага і сучаснага. Упэўненую перамогу атрымала каманда "Беларусачкі". А вучні 9-11 класаў паўдзельнічалі ў краязнаўча-літаратурнай гульні “Павуціна”, якая паспрыяла пашырэнню ведаў школьнікаў пра родны край, развіццю вобразнага і лагічнага мыслення, выхаванню пачуцця любові да зямлі бацькоў - Беларусі. Дзецям патрэбна было даць адказы на пытанні па шасці тэмах. Аднак, на іх шляху да перамогі былі і перашкоды: павучок і кропелька вады, якія сведчылі пра пераход хода або “змыванне” раней набраных балаў. Перамагла каманда "Валошкі". У апошні дзень тыдня вучні 5 і 6 класаў школы наведалі музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў горадзе ў горадзе Мінску. Краязнаўства, як ніякая іншая дысцыпліна, выхоўвае ў школьнікаў дачыненне да гісторыі сваіх продкаў, прымушае задумацца аб мінулым і сучаснасці праз пошук, даследаванні, вывучэнне традыцый і звычаяў роднага краю, пазнанне сваіх каранёў, непарыўнай сувязі з папярэднімі пакаленнямі. Вывучэнне этнаграфіі, веданне яе спрыяе развіццю патрыятычных пачуццяў, дае дадатковыя веды па гуманітарных прадметах, якія выкладаюцца ў школе, развівае ў школьнікаў навыкі працы з кнігай, прывучае да працы з музейнымі экспанатамі. Да сустрэчы ў наступным годзе!