17 верасня - Дзень народнага адзінства

16.09.2022
   У 2021 годзе ў календары Рэспублікі Беларусь з’явілася новае дзяржаўнае свята, якое адзначаюць 17 верасня - Дзень народнага адзінства. Дата гэта невыпадковая. 17 верасня 1939 года пачалося аб’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.  Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці.

Традыцыі святкавання Дня народнага адзніства толькі пачынаюць складвацца. Галоўнае, каб кожны беларус знайшоў у гэтым свяце свой сэнс.

У перыяд з 12 па 17 верасня  ў дзяржаўнай установе адукацыі “Дубраўская сярэдняя школа”  запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства. Гэта агульнашкольны ўрок “Беларусь адзіная”, у фармаце квест-гульні, для 5-11 класаў інфармацыйная гадзіна “17 верасня – Дзень народнага адзінства” з відэааглядам гістарычных падзей, якія папярэднічалі ўтварэнню новага дзяржаўнага свята і набылі вялікую значнасць у грамадстве; класныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы.

Так для навучэнцаў пачатковых класаў цікава прайшоў занятак “Усе разам  мы – Беларусь”, дзе вучні здзейснілі падарожжа па розных абласцях краіны, даведаліся пра гістарычныя факты, папоўнілі свае веды пра нашу Беларусь, збіралі інфармацыю з розных крыніц і напрыканцы занятку зноў апынуліся ў сваёй школе, атрымаўшы шмат уражанняў, знайшоўшы новых сяброў і зрабіўшы вынік:  усе мы разам – Беларусь.

У бібліятэцы дзейнічае выстава “Зямля пад белымі крыламі”, дзе змешчаны творы беларускіх пісьменнікаў пра нашу каріну, вершы паэтаў ілюстрацыі мастакоў. Выставу наведваюць вучні кожнага класа, з якімі бібліятэкар Глінская Т.А. з задавальненнем праводзіць гутарку пра Беларусь, яе краявіды, загадвае загадкі і падарожнічае па віктарыне “Што я ведаю пра Беларусь?”

Новае свята – падстава да таго, каб задумацца пра значэнне памяці і асабістай гісторыі. Успамінаючы падзеі мінулага, мы павінны памятаць, што нашы сённяшнія ўчынкі закладваюць падмурак будучага нашай краіны, у якім наканавана жыць і працаваць беларускаму народу.