Тыдзень роднай мовы.

21.09.2022
Мова родная – мова модная! Якая прыгожая, мілагучная, мяккая, і ў той жа час, яскравая, звонкая, моцная наша мова. На кожны  выпадак знойдзецца ў ёй патрэбнае слова і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёр і лясоў.

Каб  выклікаць цікавасць вучняў да вывучэння беларускай мовы і  літаратуры, раскрыць індывідуальныя і творчыя здольнасці, пазнавальныя інтарэсы кожнага вучня, стварыць умовы для інтэлектуальнага і эмацыянальнага самавыражэння асобы школьніка, у перыяд з 19.09  па  24.09 2022 года ва ўсіх установах адукацыі Беларусі праводзіцца тыдзень роднай мовы.

У дзяржаўнай установе адукацыі “Дубраўская сярэдняя школа” ў  рамках тыдня запланаваны цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы: інфарм-дайджэст “Традыцыі суверэннай Беларусі”, гульня-конкурс “Пагуляем у роднае слова”, конкурс знаўцаў беларускага фальклору “Усяму пачатак – родная мова”, завочная віктарына “Перакладчык”, выстава “Пісьменнікі-юбіляры 2022”, “Кнігі-юбіляры 2022”, літаратурна-музычная кампазіцыя “Жыццё ў паэзіі” (да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка), акцыя “Не маўчы па-беларуску”, гульня-падарожжа “Фальклорная мазаіка”, гульнёвы падворак “Гарэза”, вусны часопіс "Роднай мовы залацінкі”.

Пачатак прадметнага тыдня, 19.09, быў азначаны ўрачыстым адкрыццём. Прагучалі беларускія народныя песні. Насычаным і змястоўным быў інфарм-дайджэст “Традыцыі суверэннай Беларусі”. У аўторак, 20.09, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Грыгор’ева Марына Фёдараўна  правяла гульню-конкурс “Пагуляем у роднае слова”. Падчас гульні вучні  дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў. На фоне іх чытання дэманстраваліся слайды з краявідамі беларускай зямлі. Мерапрыемства прайшло цікава і займальна, але вучні яшчэ доўга паміж сабой штосьці абмяркоўвалі, шукалі адказы на заданні, якія не ўдалося выканаць падчас правядзення гульні-конкурсу.

Серада, 21.09, была прысвечана пісьменніку — юбіляру 2022 года Максіму Танку. У сельскай бібліятэцы вучням была прапанавана літаратурна-музычная кампазіцыя “Жыццё ў паэзіі”. Мерапрыемтсва падрыхтавала супрацоўнік бібліятэкі Кутакова Людміла Віктараўна. Пад час успаміну вучні змаглі прайсці па сцяжынках жыцця і творчасці беларускага пісьменніка.

Таксама ў гэты дзень на другім і трэцім перапынках увазе вучняў і настаўнікаў быў прадстаўлены радыёчасопіс «Роднае слова». Прагучалі ўрыўкі з твораў пісьменнікаў-юбіляраў 2022 года.

У чацвер, 22.09. запланавана акцыя “Не маўчы па-беларуску”. У ёй змогуць прыняць ўдзел усе жадаючыя. Прапануецца прачытаць вершы або ўрыўкі з вядомых твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў без падрыхтоўкі. Упэўнена, што атрымаецца вельмі цікава і займальна.

У  пятніцу і субботу вучняў таксама чакае шмат  разнастайнага, незвычайнага, яркага і пазнавальнага.

Мы перакананы, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што прывіваюць любоў да роднай мовы. Бо мова родная – мова модная! І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да твораў беларускіх пісьменнікаў, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.